Расійская армія ўвечары 11 сакавіка нанесла ракетны ўдар па адэскім порце. Пашкоджанае цывільнае судна MJ PINA пад сцягам Барбадаса, а таксама партовая інфраструктура. Загінулі людзі.
«На жаль, загінулі чатыры чалавекі — грамадзяне Сірыі. Наймалодшаму загінуламу было 18, найстарэйшаму — 24 гады. Яшчэ два чалавекі атрымалі раненні — украінец і сірыец. Ім аказваецца неабходная дапамога. У момант удару судна загружала пшаніцу для экспарту ў Алжыр», — паведаміў у тэлеграм-канале віцэ-прэм'ер-міністр па аднаўленні Украіны Аляксей Кулеба.

Міністр таксама напісаў, што пашкоджанні атрымала яшчэ адно судна, прычалы, склады для захоўвання збожжа.
Паводле звестак Паветраных сіл Украіны, удар па порце быў нанесены балістычнай ракетай «Іскандэр-М». Агулам мінулай ноччу Расія атакавала Украіну трыма балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М» і 133 ударнымі БПЛА. 98 беспілотнікаў удалося збіць.

У выніку расійскай атакі пацярпелі Адэская, Харкаўская, Сумская і Кіеўская вобласці, а таксама Днепр і Крывы Рог.

У Крывым Рогу ракетны ўдар прыйшоўся па інфраструктурным аб’екце, таксама пашкоджаныя шматкватэрныя дамы, іншыя цывільныя і бізнес-аб'екты.

«Загінула адна жанчына 47 гадоў. Параненыя дзевяць чалавек. Усе цывільныя. Сем параненых шпіталізаваныя — дзве жанчыны і пяць мужчын. З іх двое ў цяжкім стане, адзін у вельмі цяжкім стане. Дактары змагаюцца за іх жыццё і аказваюць неабходную дапамогу», — паведаміў кіраўнік Рады абароны Крывога Рога Аляксандр Вілкул.