У лютым беларусы змянілі свае шматмесячныя звыклыя паводзіны на валютным рынку — больш купілі замежных грошай, чым прадалі. Як гэта можа паўплываць на курс рубля? Асабліва калі пагаршаецца сітуацыя ў замежным гандлі, які прыцягвае валюту ў краіну. Пра гэта «Люстэрка» спытала ў старшай навуковай супрацоўніцы даследчага цэнтра BEROC Анастасіі Лузгіной.

Якая сітуацыя на валютным рынку і з чым гэта можа быць звязана?
У лютым беларусы купілі замежнай валюты на 15,2 млн даляраў больш, чым прадалі. Хоць да гэтага насельніцтва шмат месяцаў запар, наадварот, актыўней пазбаўлялася ад яе. Пакуль складана сказаць, чаму менавіта людзі змянілі паводзіны ў абменніках, для глыбейшага аналізу пакуль недастаткова звестак, адзначае эканамістка Анастасія Лузгіна.
— Валютны рынак паводзіў сябе больш-менш спакойна. У цэлым эканоміка таксама не перажывала рэзкіх зменаў. Таму няправільна было б казаць, што на паводзіны насельніцтва маглі паўплываць эканамічныя праблемы. Калі мы паглядзім на тэрміновыя валютныя дэпазіты насельніцтва, у студзені яны павялічыліся на 58,6 млн даляраў. Да гэтага яны паступова зніжаліся, — кажа эканамістка Анастасія Лузгіна. — Грунтуючыся на гэтай дынаміцы, можна меркаваць, што палітыка дэвалютызацыі ўкладаў, якую праводзіў Нацбанк, дала вынікі. І цяпер, магчыма, мы наблізіліся да таго, што тыя, хто хацеў зняць і перавесці сродкі ў нейкія іншыя актывы, ужо ў большай ці меншай ступені гэта зрабілі. І тыя 2,5 млрд даляраў, якія цяпер мы бачым на рахунках людзей у банках, — гэта ўжо тая рэшта, што будзе захоўвацца. Альбо далейшае зніжэнне тэрміновых валютных укладаў будзе адбывацца, але павольнейшымі тэмпамі.
У гэты ж час кампаніі працягваюць актыўна скупляць замежную валюту. Шмат каму яна патрэбная ў тым ліку для таго, каб аплачваць імпарт тавараў і паслуг.
Як узаемазавязаныя паводзіны людзей у абменніках, замежны гандаль і курс рубля
У 2024 годзе акурат насельніцтва, якое актыўна здавала валюту ў банкі, дапамагло задаволіць попыт на яе з боку прадпрыемстваў, якія, наадварот, мелі патрэбу ў замежных грашах. Гэта важна для фірмаў, каб мець сродкі для аплаты імпарту. У пачатку гэтага года, як паказвае статыстыка, разрыў паміж экспартам і імпартам павялічыўся. Значыць, бізнес мае яшчэ большую патрэбу ў замежнай валюце для аплаты набытых за мяжой тавараў і паслуг.
— Нават калі попыт і прапанова замежнай валюты з боку насельніцтва будуць прыкладна аднолькавымі, гэта можа ўзмацніць напружанасць на валютным рынку з улікам сітуацыі ў замежным гандлі, якая ў пачатку гэтага года пагоршылася. У студзені адмоўнае сальда замежнага гандлю таварамі і паслугамі — імпарт перавысіў экспарт — склала 235,2 млн даляраў. У той жа час летась гэтыя суадносіны былі станоўчыя — плюс 144,8 млн у бок паставак нашых тавараў за мяжу.
У такой сітуацыі попыт на замежную валюту з боку кампаній можа быць вышэйшы. А насельніцтва, як паказвае статыстыка лютага, ужо не так актыўна забяспечвае ёю валютны рынак.
— Калі такая сітуацыя працягнецца, то гэта можа ствараць ціск на беларускі рубель. То-бок можа прывесці да паскоранага зніжэння курсу рубля да замежных валют, — тлумачыць Анастасія Лузгіна.
Чытайце таксама