Новым кіраўніком Нацбанка прызначылі экс-прэм'ера Рамана Галоўчанку. Да гэтага дзесяць гадоў структуру ўзначальваў Павел Калаўр. Старшы навуковы супрацоўнік BEROC, эканаміст Анатоль Харытончык расказаў блогу «Людзі», якія ў яго чаканні ад новага кіраўніка Нацбанка і якія змены могуць адбыцца ў палітыцы рэгулятара. Мы перадрукоўваем гэты матэрыял.

Як спрацаваў Павел Калаўр?
На думку аналітыка, асаблівасць працы Паўла Калаўра была ў тым, што ён добра ўсведамляў значнасць і мэты Нацбанка як ключавога органа макраэканамічнай стабільнасці — цэнавай і фінансавай.
— Па сутнасці ён разумеў, што рэгулятар мусіць згладжваць ваганні эканамічнай актыўнасці, не дапускаць залішняга прыняцця рызык банкаўскім сектарам, — кажа эканаміст Анатоль Харытончык.
На думку аналітыка, таксама за Паўлам Калаўрам былі перабудаваныя механізмы прыняцця рашэнняў, аналізу і прагназавання манетарнай палітыкі. Пры гэтым знешняя камунікацыя Нацбанка заставалася на прымальным узроўні.
Але ў апошнія гады публічная актыўнасць рэгулятара знізілася, а частка інфармацыі стала «засакрэчанай», хоць ён усё яшчэ быў больш адкрытым, чым многія іншыя дзяржорганы. Таксама эксперт звяртае ўвагу на тое, што ў апошнія гады складвалася ўражанне, што многія механізмы працягвалі функцыянаваць. Напрыклад, з канца чэрвеня 2023 года Нацбанк больш не зніжаў стаўку рэфінансавання. Хоць у той жа час не рабіў рашучых дзеянняў па ўзмацненні грашова-крэдытнай палітыкі. Сярод яго дзеянняў — нязначнае павышэнне «столі» па крэдытах, якія банкі выдаюць насельніцтву і бізнесу. Але рэгулятар папярэджваў насельніцтва, што праз «набегі» ў банкі за пазыкамі ёсць рызыка для фінансавай стабільнасці.
Якія змяненні ў працы Нацбанка магчымыя за Галоўчанкам?
З аднаго боку, Раман Галоўчанка мае эканамічную адукацыю. З іншага, будучы прэм’ерам, ён не раз выступаў за стымуляванне росту ВУП ледзь не любой цаной і адмаўляў перагрэў эканомікі. А роля Нацбанка (і, адпаведна, яго кіраўніка) часта заключаецца ў бачанні рызык і прэвентыўных дзеяннях, якія б не дапусцілі іх рэалізацыі ці хаця б змякчылі ўплыў. То-бок, па сутнасці, экс-прэм'еру трэба будзе перафарматаваць сваё бачанне.
— Пакуль у мяне няма ўпэўненасці, што ў Рамана Аляксандравіча [Галоўчанкі] ёсць цікавасць да ўсяго гэтага. І ці ёсць у яго разуменне таго, што Нацбанк — гэта важны праваднік макраэканамічнай стабільнасці, а не проста інструмент забяспечання спрыяльных умоваў доступу прадпрыемстваў да грашовых рэсурсаў? — задаецца пытаннем эканаміст.
Аналітык выказаў асцярогу, што новы кіраўнік можа разглядаць структуру як інструмент падтрымкі рэальнага сектара, а не як незалежны орган.
— Калі так, тады механізмы прыняцця рашэнняў могуць памяняцца не ў лепшы бок. То-бок менш увагі можа звяртацца на інфляцыю, на дынаміку ВУП і яго адхіленні ад збалансаванага ўзроўню. Тады прыняцце рашэнняў можа стаць больш сітуацыйным, у залежнасці ад неабходнасці тых ці іншых галін ці нават асобных прадпрыемстваў або банкаў, — тлумачыць Анатоль Харытончык.
Эксперт ацэньвае імавернасць такога сцэнара ў 60%, астатнія 40% ставіць на варыянт, што рэгулятар захавае той курс, які быў за Паўлам Калаўрам. Анатоль Харытончык лічыць, што гэта будзе залежаць у тым ліку ад таго, наколькі глыбока Галоўчанка будзе ўнікаць у працу рэгулятара і якім будзе давер да яго з боку спецыялістаў Нацбанка.
Тое, працягне рэгулятар цяперашнюю палітыку ці абярэ іншы шлях, «мы адразу ўбачым па камунікацыі — як будуць тлумачыцца рашэнні», лічыць Анатоль Харытончык.
Пры гэтым вяртанне Нацбанка да палітыкі часоў Пятра Пракаповіча, калі актыўна выкарыстоўваўся «друкавальны станок» і адбываліся скачкі інфляцыі і дэвальвацыі, малаімавернае. У адрозненне ад таго перыяду, напрыклад, курс беларускага рубля плавае. Але магчымыя змяненні ў падыходах да курсавой палітыкі, калі Галоўчанка паставіць задачу абмежаваць ваганні валютнага курсу. Аднак гэта малаімаверна, мяркуе аналітык.
Нагадаем, на нарадзе 3 сакавіка Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад Нацбанка «функцыянаваць у складзе фактычна ўрада». Відавочна, рэгулятар збіраюцца пазбавіць рэшткаў яго самастойнасці.
Чытайце таксама