Стаўку рэфінансавання ў Беларусі з 3 красавіка знізяць да 10,5% гадавых. Пра гэта паведамляе Нацбанк. Цяпер гэтая стаўка складае 11%. Апошні раз яе зніжалі з 1 сакавіка, а да гэтага — з 23 студзеня.
З 3 красавіка стаўка рэфінансавання зніжаецца з 11% да 10,5% гадавых, стаўка па крэдыце авернайт — з 12% да 11,5% гадавых, стаўка па дэпазіце авернайт — з 10% да 9,5% гадавых. Такое рашэнне праўленне Нацбанка прыняло 24 сакавіка на паседжанні па грашова-крэдытнай палітыцы.
«Інфляцыя працягвае фармавацца паблізу чаканай траекторыі. У лютым гадавы прырост спажывецкіх цэн запаволіўся да 11,7% пры 12% месяц таму», — тлумачыць Нацбанк.
Рэгулятар прагназуе, што ў сакавіку гадавая інфляцыя знізіцца да адназначнай лічбы. Нацбанк чакае, што рост цэн працягне запавольвацца і ў другім квартале гэтага года.
«Па-ранейшаму захоўваецца шэраг праінфляцыйных рызык, дынаміка якіх патрабуе павышанай увагі. Сярод іх — узровень інфляцыйных чаканняў, інтэнсіўнасць ажыццяўлення зберажэнняў у нацыянальнай валюце, а таксама паскораны рост актыўнага складніка грашовай масы. У цяперашні час дадзеныя рызыкі ацэньваюцца як умераныя», — удакладняе Нацбанк.
Нагадаем, у Беларусі працягвае нарастаць агульная сума наяўных грошай у абароце. На пачатак сакавіка гэты паказчык быў на ўзроўні 7 млрд 282,5 млн рублёў. За люты сума вырасла на 313,7 млн рублёў. Рост наяўных грошай у абароце можа ўскосна сведчыць пра ўключэнне Нацбанкам друкаванага станка. Раней рэгулятар папярэджваў, што можа звяртацца да ўлівання грошай у эканоміку.
У Нацбанку ўдакладняюць, што наступныя рашэнні па стаўцы рэфінансавання будуць прымаць з улікам фактычнай і чаканай дынамікі інфляцыі, а таксама ацэньваючы рызыкі з боку ўнутраных і вонкавых умоваў і рэакцыі на іх фінансавых рынкаў.
У Мінэканомікі заявілі, што са зніжэннем стаўкі рэфінансавання звязанае павышэнне даступнасці крэдытных рэсурсаў, што ў сваю чаргу будзе стымуляваць эканамічную актыўнасць, тым ліку рэалізацыю інвестыцыйных праектаў.