На чацвёрты дзень пасля пачатку нямецкага ўварвання ў СССР з Мінска ў бок Магілёва выйшла калона з дзвюх тысяч чалавек. Гэта былі зняволеныя, у асноўным палітычныя. У калоне ішлі нават цяжарныя жанчыны. Частку знясіленых кругласутачным маршам людзей супрацоўнікі НКУС забілі яшчэ па дарозе, астатніх вырашылі расстраляць у Чэрвені. Але некаторыя здолелі збегчы, і дзякуючы ім мы ведаем пра гэтыя страшныя падзеі. Сярод ахвяр многія былі з Літвы, у тым ліку высокапастаўленыя палітыкі, — гэта адзіны выпадак масавага забойства літоўскіх палітвязняў савецкімі сілавікамі на тэрыторыі нашай краіны. Расказваем пра трагедыю, якая ў Літве вядомая як «Чэрвенская разня» ці «Чэрвенская дарога смерці», а ў Беларусі доўгі час замоўчвалася — і сёння пра яе ведаюць далёка не ўсе.
Як ахвяры сталінскіх чыстак у Літве трапілі ў Беларусь
У чэрвені 1940 года СССР цалкам акупаваў Літву, Латвію і Эстонію. Пасля гэтага ў іх правялі пазачарговыя парламенцкія выбары, куды дапусцілі толькі прасавецкія «саюзы працоўнага народа». Новыя падкантрольныя парламенты абвясцілі свае краіны савецкімі сацыялістычнымі рэспублікамі і звярнуліся да СССР з просьбай прыняць іх у свой склад. Так быў юрыдычна аформлены савецкі захоп трох балтыйскіх рэспублік — нібыта яны самі папрасіліся пад уладу Масквы.

Літва афіцыйна ўвайшла ў склад СССР 21 ліпеня 1940 года. Але ўжо 7 ліпеня, не чакаючы заканчэння гэтых фармальнасцяў, дырэктар тамтэйшага Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі камуніст Антанас Снечкус зацвердзіў «План падрыхтоўчай працы і аператыўнай ліквідацыі антыдзяржаўных партый» — нацыяналістаў, хрысціянскіх дэмакратаў, трацкістаў, сацыял-дэмакратаў, эсэраў і іншых.
Тут жа пачаліся масавыя арышты літоўскіх грамадзян, нядобранадзейных з пункту гледжання камуністычнага рэжыму. Маштабы чыстак былі такімі, што ў сучаснай Літве іх лічаць генацыдам. Да траўня 1941 года ў спісы асобаў, што падлягаюць арышту, уключылі 28 600 «антысавецкіх» і «сацыяльна чужых элементаў» — і гэта быў толькі пачатак. Усяго ў невялікай краіне з насельніцтвам каля 3 млн чалавек планавалася затрымаць больш за 320 тысяч чалавек. Першымі пад удар трапілі кіраўнікі і актывісты забароненых савецкай уладай партый, былыя высокапастаўленыя паліцэйскія і чыноўнікі, а таксама ўдзельнікі польскага антысавецкага падполля (частка Польшчы, якая дасталася СССР пасля падзелу гэтай краіны з нацысцкай Германіяй, увайшла ў склад Літоўскай ССР).
Да чэрвеня 1941 года ў ЛітССР арыштавалі 6606 чалавек, большасць — за «антысавецкую дзейнасць». Пенітэнцыярная сістэма невялікай рэспублікі не давала рады такому наплыву палітвязняў, і іх пачалі вывозіць у турмы і лагеры ў іншых частках СССР. Зрэшты, такая хуткасць выключэння «няправільных» літоўцаў з грамадства для савецкай улады была відавочна недастатковай. 16 траўня 1941 года з’явілася пастанова ЦК ВКП (б) і Савета народных камісараў «пра высяленне сацыяльна чужых элементаў з прыбалтыйскіх рэспублік, Заходняй Украіны, Заходняй Беларусі і Малдовы». У адпаведнасці з ім 14−18 чэрвеня была праведзеная першая масавая дэпартацыя літоўскага насельніцтва. У спісы ўключылі 21 214 жыхароў Літвы, з якіх 17 600 паспелі дэпартаваць да пачатку нямецкага ўварвання.
Калі пачалася вайна, у літоўскіх турмах знаходзіліся тысячы зняволеных, і палітычныя складалі немалую долю. Перад абліччам хуткага наступу нямецкіх войскаў савецкія сілавікі пачалі зачышчаць месцы пазбаўлення волі. У прыфрантавой паласе ўсе справы вязняў афіцыйна былі перададзеныя вайсковым трыбуналам. Фактычна мясцовым органам НКУС і НКДБ (Народнага камісарыята дзяржаўнай бяспекі) далі поўную свабоду дзеянняў што да людзей, якія сядзелі ў турмах. Супрацоўнікі гэтых ведамстваў афіцыйна разглядалі расстрэл як метад эвакуацыі зняволеных, у дакументах такія расправы называліся «эвакуацыяй I катэгорыі».
Больш чым тысячу чалавек забілі на месцы — у тым ліку палітвязняў, святароў, дактароў і нават фермераў, арыштаваных за нявыплату падаткаў. Іх не толькі расстрэльвалі, але і калолі штыкамі, праломвалі чарапы. Перад смерцю садысты ў форме многіх мучылі і катавалі — збівалі сталёвымі прутамі, палілі на вогнішчах, білі токам, здзіралі з людзей скуру, выколвалі ім вочы, адразалі насы, языкі і геніталіі, апарвалі кіпнем. Адзначым, што расправы над зняволенымі ў першыя дні вайны адбываліся і ў Беларусі — напрыклад, у Ашмянах і ў Глыбокім. А вось у Навагрудку падчас спробы НКУС вывезці вязняў мясцовай турмы з горада на канвой напалі мясцовыя жыхары, якія вызвалілі зняволеных.

Іншай частцы літоўскіх вязняў «пашанцавала» крыху больш. Іх паспелі вывезці на ўсход — у Беларусь. Зрэшты, большасць з іх неўзабаве падзяліла лёс таварышаў, забітых на радзіме.
Так, у ноч з 23 на 24 чэрвеня 1941 года з Каўнаскай турмы № 1 чыгункай на ўсход адправілі, паводле розных звестак, ад 90 да 118 палітвязняў. Усіх разам іх давезлі да Маладзечна, пасля чаго раздзялілі. Частка састава пайшла ў бок Полацка і апынулася ля станцыі Бігасава (цяпер гэта Верхнядзвінскі раён).
Проста там іх і расстралялі. Сярод іх былі адзін з падпісантаў Акта пра незалежнасць Літвы Казімірас Біжаўскас, дыпламат Ёнас Яблонскіс, двое дзяржслужбоўцаў, чацвёра паліцэйскіх, рабочы, трое вайскоўцаў, рамеснік, студэнт і нават школьнік.
Астатнія вязні з Каўнаса трапілі ў мінскую турму — Пішчалаўскі замак (пазней — СІЗА на вуліцы Валадарскага). Увечары 24 чэрвеня частку з іх расстралялі — у тым ліку міністра ўнутраных справаў Літвы ў 1929−1934 гадах, палкоўніка Стэпонаса Рустэйку, манаха Марцінаса Гедвіласа, журналістку Ванду Пранцканене.

У Мінск перавезлі і палітвязняў з некалькіх іншых літоўскіх турмаў — у тым ліку Вільнюскай і Панявежскай. Іх дакладная колькасць невядомая, але, паводле сведчанняў выжылых, сярод іх былі не толькі літоўцы, але і жыхары ЛітССР іншых нацыянальнасцяў — у тым ліку палякі.
Чэрвенская дарога смерці
24 чэрвеня нямецкія войскі занялі Вільнюс, а 25 чэрвеня ўжо набліжаліся да Мінска з боку Маладзечна. У гэтых умовах літоўцаў і іншых вязняў Пішчалаўскага замка агульнай колькасцю каля 2 тысяч чалавек (сярод іх былі не толькі палітвязні) адправілі пешшу з Мінска ў бок Магілёва пад «аховай» 226-га палка 42-й брыгады канвойных войскаў НКУС. Задача была цалкам звыклай для гэтага злучэння: да вайны 42-я брыгада акурат выконвала задачы па адпраўцы «спецкантынгенту» (то-бок арыштаваных) з Баранавіцкай, Пінскай і Брэсцкай абласцей на высылку і ў лагеры. Калону суправаджаў начальнік Турэмнага ўпраўлення НКУС БССР Яўген Сцяпанаў.
Паводле некаторых ацэнак, каля траціны вязняў складалі жанчыны, некаторыя ішлі з маленькімі дзецьмі. Як прамежкавую мэту энкавэдэшнікі вызначылі райцэнтр Чэрвень за 50 км ад Мінска. Падчас перамяшчэння зняволеных не кармілі і амаль не паілі. Дарогай аслабленых і няздольных ісці расстрэльвалі, забілі і цяжарных жанчын. Паводле ўспамінаў цудам ацалелага афіцэра літоўскага войска Юозаса Тумаса, недзе напаўдарозе да Чэрвеня ім зладзілі паўтарагадзінны прывал на вялікім лузе, падчас якога дазволілі напіцца вады з рэчкі.
Іншы выжылы літоўскі афіцэр, Ёнас Пятруйціс, так апісваў гэты марш смерці ў сваёй кнізе «Як яны нас расстрэльвалі»:
«Мы, вялізны натоўп з некалькіх тысяч счарнелых, абарваных, босых мужчын і жанчын, ідзём вельмі хутка, пятляючы разбуранымі вуліцамі (Мінска. — Заўв. рэд.), невядома куды. Дакладней, бяжым, нават задыхаючыся. З абодвух бакоў, за некалькі крокаў ад нашага натоўпу, нас падганяюць супрацоўнікі НКУС:
— Бягом! Бягом! Не стойце не месцы!
Прабегшы скрозь жудасную начную цемру, асветленую толькі агнём пажарышчаў, міма трупаў людзей, што ляжаць на вуліцах, мы бачым, што пакідаем разбураны, падпалены горад. Куды нас вядуць, куды мы так хутка бяжым — мы не ведаем. Акрамя таго, нас суправаджае вельмі раздражняльная „музыка“: пах, пах-пах, пах, пах-пах! Гэта НКУС пастаянна расстрэльвае зняволеных, якія спрабуюць пакінуць натоўп, і тых, якія адстаюць. Мы пачалі хвалявацца: калі яны правядуць нас такім чынам 200 км, не даючы ні ежы, ні пітва, то напэўна перастраляюць усіх па дарогай яшчэ раней, чым дойдуць да Магілёва».
26 чэрвеня зменшаная такім жудасным чынам калона дабралася да Чэрвеня, людзей загналі ў мясцовую турму. Сцяпанаў звязаўся з начальствам, далажыў пра перамяшчэнне «дзвюх тысяч кілаграмаў грузу» (так у тэлеграме быў закадаваны кантынгент зняволеных) і папрасіў пра вагоны для далейшай іх перавозкі чыгункай (найбліжэйшая да Чэрвеня станцыя знаходзілася за 30 км, у Пухавічах). Не атрымаўшы транспарту, ён вырашыў «эвакуяваць» зняволеных «па I катэгорыі» — то-бок расстраляць.

У ноч з 26 на 27 чэрвеня большасць вязняў вывелі з турмы. Каб матываваць стомленых людзей ісці далей, ім паабяцалі, што апоўначы на прывале накормяць гарачай вячэрай.
Калі калона выйшла з Чэрвеня, супрацоўнікі НКУС пачалі дабіваць з рэвальвераў тых, хто адстаў праз знясіленасць. А потым, заглыбіўшыся ў лясное ўрочышча Цагельня, пачалі расстрэльваць усіх астатніх.
Расправа з выкарыстаннем вінтовак і кулямётаў вялася каля паўночы, амаль у поўнай цемры, таму прыкладна дзвюм сотням зняволеных удалося збегчы. Сярод іх аказалася каля 50 жыхароў Літвы. Юозас Тумас у сваіх мемуарах расказваў, што энкавэдэшнікі пасля расстрэлу пачалі шукаць абезрухоўленых параненых з ліхтарыкамі і дабіваць іх. Сам ён у гэты момант схаваўся ў канаве і падрыхтаваўся да найгоршага:
«Я сціснуў зубамі левую руку і падрыхтаваўся ўкусіць яе і выпацкаць твар крывёю, калі пачую, што энкавэдэшнікі пойдуць правяраць у мой бок. Я думаў так: я ляжу не сярод трупаў, а асобна. Энкавэдэшнікі, правяраючы застрэленых, убачаць мой скрываўлены твар і падумаюць, што стрэл трапіў мне ў галаву, я ляжу мёртвы — і пакінуць мяне ў спакоі. У гэты момант мне было значна страшней, чым тады, калі я рыхтаваўся да ўцёкаў.
Страляніна неўзабаве спынілася. Пры гэтым недзе яшчэ былі чуваць стогны параненых і перадсмяротныя крыкі тых, хто паміраў. Я не магу выказаць словамі, наколькі вялікая была мая радасць, калі камандзір энкавэдэшнікаў гучна крыкнуў: „Ды каму гэта, чорт бяры, трэба?!“ <…> Праз некалькі хвілін яны сталі на дарозе і пайшлі прэч, гучна размаўляючы».
Сярод забітых супрацоўнікамі НКУС у гэтую страшную ноч пад Чэрвенем былі удзельнік вайны за незалежнасць Літвы, міністр абароны палкоўнік Баліс Гедрайціс, журналіст Вінцас Даўдзвардс-Даўгвардзіс, доктар Пятрас Купчунас і дзясяткі іншых літоўскіх афіцэраў, чыноўнікаў, студэнтаў, фермераў і рабочых.

Зняволеным, якім удалося выжыць, дапамаглі беларускія сяляне з навакольных вёсак, якія кармілі іх і дапамагалі схавацца ад яшчэ не збеглых на ўсход прадстаўнікоў савецкай улады. Таксама ад мясцовых жыхароў выжылыя даведаліся, што 27 чэрвеня сілавікі пагрузілі трупы расстраляных у машыны і павезлі ў бок Бабруйска. У гэты ж час навакольны лес прачэсвалі энкавэдэшнікі з сабакамі і расстрэльвалі зняволеных, якія не паспелі схавацца.
Такім чынам, агулам у гэтай трагедыі, пачынаючы з маршу і заканчваючы разнёй у лесе, загінула каля 1800 чалавек: прынамсі 70 з лішнім літоўцаў, польскія падпольшчыкі і шмат сотняў вязняў-беларусаў.
Памяць пра трагедыю
У дакументах сілавікоў, паводле некаторых крыніц, здарэнне прадставілі як расстрэл 209 чалавек у выніку замяшання з прычыны нямецкай паветранай атакі. Вядомы таксама змест аператыўнай зводкі камандзіра 42-й брыгады начальніку ўпраўлення Канвойных войскаў:
«В ночь с 24 на 25.6.41 конвоем 226 полка в количестве 170 чел. эвакуированы заключенные из всех тюрем г. Минска за реку Березина для отрывки окопов. В пути движения в районе Червень состав конвоя вместе с колонной заключенных подвергся сильной бомбардировке с воздуха, распоряжением начальника тюремного управления НКВД БССР Степанова заключенные за контрреволюционные преступления были расстреляны, а остальных распустили. Конвой в полном составе 3.7 возвратился в часть».
Такім чынам, маштабы забойстваў былі заніжаныя прыкладна ў дзесяць разоў (калі праўдзівыя рапарты і былі, то пра іх дагэтуль нічога не вядома).
Усе наступныя дзесяцігоддзі існавання СССР гісторыя Чэрвенскай дарогі смерці замоўчвалася — як і іншыя эпізоды расправаў НКУС над зняволенымі падчас вайны.
Толькі 26 чэрвеня 1991 года ва ўрочышчы Цагельня за 400 метраў ад Чэрвеня на дарозе на Дуброву Беларускі Народны Фронт і грамадская арганізацыя «Мартыралог Беларусі»паставілі шасціметровы драўляны крыж. У 1993 годзе яго дапоўніла бронзавая пліта на каменным пастаменце з надпісам «Ахвярам бальшавіцкага тэрору» на беларускай, літоўскай і польскай мовах. Яшчэ некалькі памятных знакаў у Цагельні былі ўсталяваныя з удзелам польскіх і літоўскіх грамадзян і грамадскіх арганізацый.

У 2021 годзе, напярэдадні 80-й гадавіны ўчыненай НКУС бойні, польскія і літоўскія дыпламаты ўсклалі кветкі да крыжа, пастаўленага ў памяць пра яе ахвяраў.
Чытайце таксама


