Увосень у Беларусі пройдуць сумесныя з Расіяй вайсковыя вучэнні «Захад-2025». Ці асцерагаюцца ў NATO, што пасля іх расійскія войскі застануцца на тэрыторыі нашай краіны для нападу на адну з еўрапейскіх краін? Што думаюць у Альянсе пра жаданне Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнічаць у перамоўным працэсе паміж Расіяй і Украінай? І як ставяцца да ініцыятывы пра стварэнне міратворчых падраздзяленняў з удзелам беларусаў, якая была агучаная падчас паседжання Каардынацыйнай рады? Гэтыя пытанні журналіст «Люстэрка» задаў высокапастаўленаму чыноўніку NATO, які пагадзіўся пагаварыць на ўмовах ананімнасці.

— NATO напэўна сочыць за падрыхтоўкай да вучэнняў «Захад-2025». Вы ведаеце, колькі салдат возьме ўдзел у іх і ці няма ў вас асцярог, што пасля заканчэння расійская армія застанецца на тэрыторыі Беларусі для магчымага нападу на краіны Еўрапейскага саюза?
— Гэта будуць буйнамаштабныя вучэнні. Я ня ведаю, ці пацверджаныя гэтыя лічбы, але, памятаю, чуў, што каля 100 тысяч вайскоўцаў возьмуць удзел у іх. Вядома, некаторыя нашыя саюзнікі занепакоеныя гэтым. Іх таксама хвалюе думка, што буйныя расійскія сілы могуць застацца ў Беларусі пасля заканчэння гэтых вучэнняў.
Шчыра кажучы, я не ведаю, якая ў Расіі здольнасць перамяшчаць і ўтрымліваць на месцы такую вялікую колькасць войскаў даўжэй, чым на тэрмін гэтых вучэнняў, з улікам вайны ва Украіне. Паводле ацэнак на пачатак 2025 года, расійская армія штодня страчвае ад 1000 да 1500 чалавек. Так што, думаю, у Расіі занятыя рукі гэтай жудаснай вайной ва Украіне, і яна абмяжоўвае іх магчымасці рабіць іншыя рэчы.
Наш генеральны сакратар Марк Рутэ быў у Варшаве на мінулым тыдні і выступіў там з прамовай. Падчас прэс-канферэнцыі ён сказаў, што, калі Расія нападзе на Польшчу ці іншага саюзніка, за гэтым адбудзецца разбуральны адказ NATO.
Мы займаемся стрымліваннем, але таксама і абаронай. Калі гэта калі-небудзь спатрэбіцца, NATO цалкам здольны абараніць сябе ад Расіі. У гэтым няма ніякіх сумневаў.
— Аляксандр Лукашэнка часта кажа пра свае намеры быць бокам перамоваў пра мір ва Украіне. Ён таксама прапануе нашую краіну як пляцоўку для іх. Як вы лічыце, гэта магчыма?
— Беларусь ужо была месцам правядзення мірных перамоваў у 2022 годзе, праўда? На жаль, я думаю, падтрымка агрэсіі Расіі, якая доўжыцца з таго часу, падарвала давер да яе мірных памкненняў. Сумняваюся, што Украіна будзе разглядаць Беларусь і Лукашэнку як бесстаронні бок, здольны быць пасярэднікам ці медыятарам у гэтым канфлікце.
— У Каардынацыйнай радзе агучылі прапанову стварыць на тэрыторыі краін Еўрасаюза міратворчыя падраздзяленні з удзелам беларускіх добраахвотнікаў. Ці ведаюць пра гэта ў NATO і ці магчымая рэалізацыя такой ініцыятывы?
— Я не ўпэўнены. Ведаю, ва Украіне ёсць падраздзяленні беларусаў, якія ваююць разам з украінскімі войскамі. Я не ўпэўнены, што менавіта азначае гэтая прапанова. Яна не датычыць NATO і ніяк не звязаная з Альянсам.
Чытайце таксама