«Дарога ў адзін канец». Дзейны афіцэр расказаў «Люстэрку», што ў арміі Беларусі думаюць пра вайну з NATO і Украінай
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

З 24 сакавіка на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі стартавала праверка боегатоўнасці беларускай арміі. Да гэтага ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заяўляў, што Расія хоча ўцягнуць Беларусь у вайну і разглядае нашую краіну як плацдарм для правакацый у дачыненні да краін NATO. Ці гатовыя беларускія вайскоўцы да магчымага канфлікту з УСУ ці Паўночнаатлантычным альянсам? Пра гэта «Люстэрка» пры пасярэдніцтве BELPOL пагаварыла з дзейным афіцэрам Узброеных сіл. Камунікацыя праходзіла пісьмова, у нас не было магчымасці задаць удакладняльныя пытанні, таму адказы атрымаліся даволі лаканічнымі, аднак нават яны дазваляюць зрабіць шмат важных высноваў.

Полевой выход 231-й артиллерийской бригады на полигоне №27. Беларусь, 28 марта 2025 года. Фото: Минобороны
Палявы выхад 231-й артылерыйскай брыгады на палігоне № 27. Беларусь, 28 сакавіка 2025 года. Фота: Мінабароны

Наш суразмоўца — афіцэр Узброеных сіл РБ. З меркаванняў бяспекі мы не можам назваць яго імя, а таксама род войскаў і горад, дзе ён служыць. Праз BELPOL мы перадалі яму пытанні і атрымалі адказы. Суразмоўца адказваў на іх пісьмова.

«Тыя, хто больш адукаваны, выдатна разумеюць, што вайна з NATO — гэта дарога ў адзін канец»

— Праверку баявой гатоўнасці Узброеных сіл абвяшчалі ў пачатку лютага, а потым другі раз у сакавіку. Гэта шараговыя мерапрыемствы ці яны адрозніваюцца ад ранейшых?

— Для нас яны нічым не адрозніваюцца ад папярэдніх. Нейкіх новаўвядзенняў няма. Я б нават сказаў, што павышанай актыўнасці няма. Ва ўсякім разе ў нас.

— У пачатку лютага Уладзімір Зяленскі заяўляў, што сёлета Расія «зацягне Беларусь у вайну». Ці чулі пра гэта ў арміі, як адрэагавалі?

— Вядома ж, чулі. Але трэба разумець, што калі і ёсць такія планы, то яны, натуральна, не даводзяцца да асабовага складу. Гэта відавочна. Што думаем мы? Безумоўна, нам не хацелася б развіцця падзей у такім ключы. Дурняў няма.

— Што кажуць старэйшыя афіцэры і генералы пра перспектывы арміі нашай краіны ў выпадку непасрэднага канфлікту з Украінай ці краінамі NATO?

— Звычайна нічога. Так пытанне ў войсках не ставяць. Тыя, хто больш адукаваны, выдатна разумеюць, што вайна з NATO — гэта дарога ў адзін канец. Фактычна гэта трэцяя сусветная. І наступствы для ўсіх без выключэння будуць фатальнымі.

— Як на гэта рэагуе асабовы склад?

— Як я сказаў: хто разумнейшы, той выдатна разумее. Тыя, хто дурнейшы, хутчэй за ўсё, нават не думаюць пра гэта. Не спрабуюць неяк заглыбіцца ў наступствы.

— Як вы ацэньваеце гатоўнасць арміі да такога сцэнара?

— Складана адказаць адназначна. Цяпер я б сказаў, што армія не гатовая. Але гэта толькі маё меркаванне. Вы мусіце разумець, што вучэнні (часта проста паказушныя) — гэта адно. Весці рэальныя баявыя дзеянні — зусім іншае. Тым больш калі мы гаворым пра ўмоўнага «праціўніка» (маю на ўвазе Украіну), які і не праціўнік зусім. Ды і да таго ж досведу рэальнай вайны ў іх нашмат больш.

«Расія — як арда. Яна паступова захоплівае краіны і потым выкарыстоўвае іх арміі ў сваіх інтарэсах»

— Калі казаць пра тэхнічную забяспечанасць, ці шмат змянілася пасля нападу Расіі на Украіну ў 2022-м?

— Змены, вядома ж, ёсць. Стала больш разумення, што сабой уяўляе вайна ў цэнтры Еўропы ў XXI стагоддзі, што самае дзейснае. У той жа час выразна відаць, што зброя Беларусі і Расіі старая (то-бок савецкага тыпу), і яе эфектыўнасць нельга параўноўваць з перадавымі мадэлямі заходняй.

— Ці праходзіла мадэрнізацыя тэхнікі? Шмат з’явілася новых адзінак?

— Тэхніка новая ёсць, але яе, як правіла, не так шмат. Напрыклад, наколькі мне вядома, на некаторыя танкі пачалі ставіць так званыя мангалы (краты на вежы, што ствараюць перашкоды для атак з паветра, напрыклад дронамі. — Заўв. рэд.).

Военнослужащие танкового подразделения ВС РБ отправляются на обучение в Россию. 28 марта 2025 года. Фото: Минобороны
Вайскоўцы танкавага падраздзялення УС РБ выпраўляюцца на навучанне ў Расію. 28 сакавіка 2025 года. Фота: Мінабароны

— Як у арміі ставяцца да перспектывы размяшчэння ў Беларусі расійскіх сістэм «Арэшнік» і магчымага з’яўлення ядзернай зброі? Гэта добра для краіны ці можа прывесці да праблем у выпадку канфлікту з NATO?

— Я не магу сказаць за ўсіх, але тыя, з кім маю зносіны, разумеюць што гэта, па-першае, вялікая залежнасць ад Расіі. А па-другое, прадвесце чагосьці нядобрага ў будучыні.

— Як у арміі ставяцца да ўсё большай залежнасці нашай краіны ад усходняй суседкі? З пункту гледжання вайскоўцаў, перспектыва аб’яднання — гэта добра ці дрэнна?

— Адэкватныя вайскоўцы разумеюць, што ў будучыні гэта стане праблемай. Бо Расія — як арда. Яна паступова захоплівае краіны і потым выкарыстоўвае іх арміі ў сваіх інтарэсах.

— На чыім баку ў цэлым асабовы склад і афіцэры беларускай арміі — Расіі ці Украіны?

— На жаль, большасць за Расію. Так выглядаюць наступствы негатыўнай селекцыі.

— Што асабіста вы будзеце рабіць, калі загадаюць ваяваць з УСУ ці арміяй NATO?

— Не ведаю.

«Пастаянна паўтараюць, што Захад — вораг, а краіны Балтыі — спрадвечна нашыя землі»

— Ці працягваюцца ў арміі чысткі па палітычных матывах праз падзеі 2020 года?

— Так. Чысткі ёсць.

— Ці чуваць нешта пра вагнераўцаў у Беларусі? Яны працягваюць навучаць нашых вайскоўцаў?

— Наколькі я чуў, у Беларусі іх засталася лічаная колькасць.

— Што кажуць ідэолагі пра цяперашняе палітычнае і міжнароднае становішча? Як ацэньваюць перамовы ЗША з Расіяй і Украінай? Асабовы склад рыхтуюць да міру ці да трэцяй сусветнай?

— Ідэалагічная напампоўка простая: Захад прагніў, ён жабрак, людзі там галадаюць. Таксама пастаянна паўтараюць, што Захад — вораг, а краіны Балтыі — спрадвечна нашыя землі.

— Увосень у нашай краіне пройдуць расійска-беларускія вучэнні «Захад 2025». Як ідзе падрыхтоўка і ці ёсць асцярогі, што войскі РФ застануцца ў нас, як гэта было пасля вучэнняў «Саюзная рашучасць» у 2022-м?

— Так, такія асцярогі ёсць. Ёсць таксама меркаванне, што менавіта ў гэты час у Беларусь прыбудзе тактычная ядзерная зброя і «Арэшнік».

«Няма такога, каб кватэры раздавалі налева і направа»

— Колькі цяпер зарабляюць афіцэры? Як мяняўся памер зарплаты пасля пачатку вайны ва Украіне?

— Заробкі розныя. Усё залежыць ад выслугі, звання, пасады. У сярэднім гэта дзесьці 1500−2100 рублёў за месяц. Але ёсць, вядома ж, і вышэйшыя.

— Якая аплата задаволіла б вайскоўцаў, падалася б ім адэкватнай працы?

— Складанае пытанне. Людзі павінныя атрымліваць больш. Але з іншага боку, беларуская армія — гэта не прафесіяналы. Асабіста маё меркаванне: тут неабходная рэформа. На жаль, цяпер гэтага не будзе. Не пры гэтай уладзе.

Занятие по тактико-специальной подготовке одного из подразделений 557-й инженерной бригады. Беларусь, 27 марта 2025 года. Фото: Минобороны
Занятак па тактычна-спецыяльнай падрыхтоўцы аднаго з падраздзяленняў 557-й інжынернай брыгады Узброеных сіл РБ. Беларусь, 27 сакавіка 2025 года. Фота: Мінабароны

— Якія ёсць бонусы ў дадатак да зарплаты? Маю на ўвазе прадстаўленне службовага жылля, магчымасць пабудаваць сваё, прэміі. Ці стала іх больш пасля 2022-га?

— Фінансаванне ў цэлым засталося на тым самым узроўні. Няма такога, каб кватэры раздавалі налева і направа.

— Ці ёсць адток кадраў? З якіх сфер актыўней сыходзяць, каго не хапае?

— Адток заўсёды ёсць. Проста для многіх армія ў цяперашніх рэаліях — гэта сацыяльны ліфт. Людзі з вёсак ідуць служыць. І яны гатовыя выконваць усе загады за тыя даброты, якіх яны ніколі ў сваім жыцці не атрымалі б без арміі.

Чытайце таксама