Адна з палітзняволеных паспрабавала паведаміць чыноўнікам-правяральнікам у гомельскай жаночай калоніі пра наяўныя парушэнні. Адразу пасля гэтага ў яе знайшлі тры «парушэнні» і адправілі ў штрафны ізалятар. Пра гэта гаворыцца ў грамадскім расследаванні «Катаванні і жорсткае абыходжанне ў гомельскай жаночай калоніі № 4».

Расследаванне «Катаванні і жорсткае абыходжанне ў гомельскай жаночай калоніі № 4» падрыхтаваў Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі. Гэта спецпраект праваабарончай арганізацыі «Прававая ініцыятыва», заснаваны разам з беларускімі і міжнароднымі праваабаронцамі.
Для даследавання аўтары дакумента вывучылі 20 інтэрв'ю з былымі жанчынамі-палітвязнямі, якія адбывалі пакаранне ў ПК-4 у перыяд з траўня 2021 да лютага 2024 года. Інтэрв'ю падрыхтавалі праваабаронцы «Вясны» і Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі. Усе персанальныя звесткі з інтэрв'ю выдаленыя, каб не стварыць новых складанасцяў і праблем для жанчын-асуджаных, якія застаюцца ў няволі.
Калі прыязджае праверка, калонія фактычна пераводзіцца на «ваеннае становішча», гаворыцца ў даследаванні. Усіх жанчын спрабуюць змясціць у адным памяшканні: у пакоі ўнутры атрада ці на працоўным месцы. Выходзіць нельга — нават схадзіць у прыбіральню.
— О, я памятаю зусім цудоўнае: калі праверка прыязджае, вы нікуды не можаце ўстаць наогул, а самае прыгожае — тое, што закрываюць прыбіральню. Ты там сядзі, хоць абс***ся, ты не можаш схадзіць у прыбіральню, — паведаміла праваабаронцам адна з суразмоўніц.
Іншая былая палітзняволеная расказала пра сваю спробу «пагаварыць» з правяральнікамі:
— Я не пабаялася, я падышла да праверкі, каб пагаварыць з гэтай праверкай і расказаць, што парушаюцца правы і гэтак далей, і які жах там дзеецца. Іх суправаджаў начальнік калоніі, ён пачуў усё, што я агучвала.
Жанчына не паведаміла, як правяральнікі адрэагавалі на яе словы. Але рэакцыя адміністрацыі аказалася вельмі хуткай.
— Літаральна праз дзесяць хвілін быў вывад фабрыкі ў атрад, то-бок канец працоўнага дня і працоўнай змены, і на даглядзе ў мяне нібыта дастаюць кіпяцільнік з кішэні. У мяне ў кішэні не было ніякага кіпяцільніка, гэта наогул не мой… Я ўласна ў іх і пытала: «Хлопцы, вы чаго? Што мне не патрэбны кіпяцільнік, што вы такое кажаце? Гэта не маё», — расказала жанчына.
Кіпяцільнік аказаўся не адзінай прэтэнзіяй. Паводле жанчыны, аператыўны супрацоўнік калоніі Аляксей Зюзін звярнуў увагу на сам зварот да яго.
— Зюзін кажа: «Ах так! У цябе яшчэ і слова „хлопцы“ праскочыла! У цябе, значыць, усё… гэта яшчэ адно парушэнне за абразу, што не па форме звяртаешся да супрацоўніка», — успамінае суразмоўніца. — Вось і тут жа яны прыдумалі нейкае трэцяе [парушэнне], а трэцяе — яны сказалі, што я няправільна чытаю рапарт, то-бок там прадстаўляцца трэба неяк па-іншаму. То-бок калі мне казалі: «Прадстаўцеся, калі ласка», — я заўсёды прадстаўлялася «незаконна асуджанай», а яны сказалі, што гэта таксама парушэнне, і пасадзілі мяне ў штрафны ізалятар.
У даследаванні не сказана, калі адбыўся гэты выпадак і хто канкрэтна прыязджаў тады з праверкай. Аднак жаночую калонію ў Гомелі рэгулярна наведваюць чыноўнікі і парламентарыі.
Напрыклад, у жніўні 2021 года там была старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. У справаздачах дзяржСМІ няма якой-кольвек крытыкі калоніі. Наадварот, Качанава пахваліла праект па рэабілітацыі залежных ад псіхаактыўных рэчываў жанчын.
— Я задаволеная гэтым, рэабілітацыя ад наркатычнай залежнасці — важны аспект, — сказала яна.
Пра падобны выпадак расказваў адзін з герояў інтерв'ю «Люстэрку», былы палітвязень Арцём Мядзведскі, які чакаў суда ў брэсцкім СІЗА № 7.
— Неяк хадзілі па камерах, казалі: прыедзе пракурор, хто хоча пагутарыць з ім — пішыце заявы. А потым выявілася, што гэта была падстава: тых, хто заявы напісаў, адразу закрылі ў ШІЗА. Ім не трэба было, каб пракурор зайшоў у камеру, а яму там пытанні нехта задаваў ці скардзіўся.