У канцы сакавіка на Netflix выйшаў новы фільм — «Спіс запаветных жаданняў» (The Life List). Гэта рамантычнае драмедзі, знятае на аснове бэстсэлера амерыканскай пісьменніцы Лоры Нэльсан Спілман. Фільм паспела ацаніць нямала гледачоў і глядачак — і, здаецца, частка з іх сур’ёзна ўспрыняла некаторыя ідэі з сюжэта. На гэта звярнула ўвагу калумністка выдання The Independent Алівія Петэр.

Фільм расказвае гісторыю маладой жанчыны Алекс, якую сыграла акторка Сафія Карсан. Яе гераіня працуе ў кампаніі сваёй маці і сустракаецца з бойфрэндам, які распрацоўвае відэагульні пра зомбі. Аднак бесклапотнае і нічым не выбітнае жыццё Алекс заканчваецца, як толькі яе маці памірае ад раку. У спадчыну тая не пакінула нічога, акрамя «спісу запаветных жаданняў «і дыска з пасланнем.
На дыску ж аказалася «інструкцыя» да таго, як атрымаць сапраўдную спадчыну. У прыватнасці, Алекс трэба выканаць усе пункты са спісу жаданняў, адно з якіх гучыць як «знайсці сапраўднае каханне». Каб праверыць, ці гэты чалавек той самы, маці Алекс прапануе задаць самой сабе чатыры пытанні. Гучаць яны так:
- Ці добры ён?
- Ці магу я расказаць яму ўсё, што ў мяне на сэрцы?
- Ці дапамагае ён мне стаць лепшай версіяй сябе?
- Ці ўяўляю я яго бацькам сваіх дзяцей?
Адказваючы на гэтыя пытанні, Алекс разумее: ёй трэба расстацца са сваім бойфрэндам-геймерам. Яна, прытрымліваючыся запаветаў памерлай маці, робіць гэта, што прыводзіць да значных зменаў у яе жыцці.
Петэр жартуе, што на першы погляд «больш безгустоўнай канцэпцыі» нельга было б прыдумаць. Паводле калумністкі, сцэнар падобны да прапановы штучнага інтэлекту ў адказ на задачу «напісаць слязлівую рамантычную камедыю». Аднак, як адзначае Петэр, «Спіс запаветных жаданняў» тым не менш моцна ўплывае на гледачоў і глядачак па ўсім свеце.
Гэта паказалі ў тым ліку і тэставыя паказы фільма. Пасля іх рэжысёр Адам Брукс расказваў, што людзі «адчувалі натхненне ад фільма» для зменаў ва ўласным жыцці.
— Брукс казаў, што было так шмат людзей, якія [казалі яму]: «Я ў выніку рассталася са сваім хлопцам» або «Я ў выніку памяняла працу або звольнілася», — заўважала акторка Сафія Карсан.
Эфект ад фільма ўжо можна заўважыць і ў сацыяльных сетках. Тыя, хто паспеў яго паглядзець, дзеляцца сваімі «спісамі жаданняў». Некаторым захацелася знайсці партнёра, які ўсё ж будзе адпавядаць «правільным» адказам на пералічаныя ў карціне пытанні.
sometimes we just need a brad! 🌹💌 @sofiacarson #TheLifeList pic.twitter.com/PX2kFFwe6j
— lettie lvs alex rose (@deIenart) March 29, 2025
— Фільм адкрыў нешта, што прымусіла мяне задумацца пра разнастайныя аспекты майго жыцця. У прыватнасці, водгук знайшла ідэя чатырох пытанняў. Не таму, што я адчувала, што яны мне патрэбныя або дастасавальныя да майго ўласнага жыцця, бо я не ў адносінах. А таму, што мне спадабалася ідэя задаваць сабе простыя пытанні, каб высветліць, ці сапраўды вы кахаеце кагосьці, — разважае Петэр. — Відавочна, што характар пытанняў будзе мяняцца ад чалавека да чалавека ў залежнасці ад шматлікіх фактараў. Напрыклад, ад сэксуальнай арыентацыі і ад таго, ці можа ён наогул мець дзяцей, не кажучы ўжо пра тое, ці хоча іх. Але я думаю, што сёння, у свеце сацыяльных сетак, дзе нас пастаянна бамбардуюць 20-секунднымі відэаролікамі <…>, можа быць цяжка зразумець, што мы на самай справе думаем або адчуваем.
Як заўважае Петэрс, усё вакол «прымушае нас быць рэактыўнымі, дзейнічаць імпульсіўна», а таксама ў адпаведнасці з досведам і меркаваннем іншых людзей.
— Але часам важна падвесці вынікі і задумацца пра тое, хто мы і чаго мы хочам. Так што наяўнасць нейкай «дарожнай карты», якая дапаможа нам зрабіць гэта, можа змяніць жыццё, — упэўненая калумністка.
Зрэшты, былі і тыя, каму фільм не спадабаўся за іншыя дэталі сцэнара. Напрыклад, людзі асуджалі некаторыя ўчынкі Алекс, якія падаліся ім не зусім высакароднымі (каб не спойлерыць, апісваць іх мы не будзем).
Чытайце таксама